ШЧО́ЛАЧНЫЯ ГО́РНЫЯ НАРО́ДЫ,
магматычныя (вулканічныя, гіпабісальныя, плутанічныя) горныя пароды, у якіх павялічана колькасць шчолачных металаў (Na, K). У зямной кары Ш.г.п. каля 1% па масе. Адрозніваюць нефелінавыя сіеніты, уртыты, іяліты і інш. Паводле колькасці SiO2 (% па масе) Ш.г.п. падзяляюць на ультраасноўныя (<44), асноўныя (44—53), сярэднія (53—64), кіслыя (64—70); яны аб’ядноўваюць 19 сем’яў. Паводле суадносін Na2O/K2O адрозніваюць серыі: натрыевую (<4), каліева-натрыевую (1—4), каліевую (<1 — для ультраасн. і асн., <0,4 — для сярэдніх і кіслых Ш.г.п.). Сярод каліевай серыі адрозніваюць пароды з нармальнай (лейцыціты і інш.) і павышанай (лампраіты) магнезіяльнасцю. Гал. пародаўтваральныя мінералы: алівін, клінапіраксен, меліліт, слюды, натрыевыя і каліевыя фельдшпатоіды, шчолачны палявы шпат, плагіяклаз, альбіт, кварц і інш.
Структура дробназярністая; тэкстура масіўная, парфірападобная, палоскавая. Колер шэры, часам зеленавата- або ружавата-шэры. Пашыраны на стараж. платформах, шчытах, у кансалідаваных складкавых абласцях і на вулканічных астравах. Выкарыстоўваюць у вытв-сці гліназёму, шкла, керамікі. З гэтымі пародамі звязаны радовішчы рэдкіх (ніобій, цырконій і інш.) і рэдказямельных элементаў, слюд, жалезных і фасфатных руд, каштоўных і паўкаштоўных камянёў.
т. 17, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)